• Інжынер з DeepMind: ніякі ШІ не будзе свядомым, колькі яго ні маштабуй

    У сакавіку 2026 Alexander Lerchner з Google DeepMind выклаў прэпрынт «The Abstraction Fallacy». Тэзіс кароткі: спрэчкі пра тое, ці можа ІІ стаць свядомым, заснаваныя на лагічнай памылцы. І ніякае маштабаванне моцы вылічэнняў яе не выправіць.

    Сэнс на пальцах

    Большасць даследчыкаў лічыць: калі зрабіць мадэль дастаткова складанай — свядомасць «з’явіцца» як пабочны эфект. Lerchner кажа: гэта як чакаць, што падрабязная формула гравітацыі пачне важыць.

    Кампутацыя — гэта апісанне фізічнага працэсу, а не сам працэс. Каб фізічная сістэма «лічыла», нехта звонку павінен вызначыць, якія станы лічыць «0», а якія «1». Гэты «нехта» — ужо свядомы суб’ект. Значыць, свядомасць не можа ўзнікнуць з вылічэння — яна лагічна папярэднічае яму.

    Чаму гэта важна

    Аўтар не кажа, што ІІ не будзе небяспечным ці магутным. Наадварот. Ён кажа, што AGI — гэта будзе вельмі разумная, але непрынцыпова няжывая прылада. І галоўная праблема — не «правы робатаў», а антрапамарфізм: людзі пачнуць лічыць машыны асобамі, бо тыя добра імітуюць паводзіны.

    Аргумент працуе і супраць эмбадзімента: падключыце ІІ да камер і рук — нічога не зменіцца. Сімулятар надвор’я з рэальнымі датчыкамі не становіцца атмасферай.

    Цікавы момант — Lerchner працуе ў DeepMind, і прэпрынт выйшаў з disclaimer’ам, што пазіцыя асабістая.

  • Новы движок OpenAI: чаму GPT Image 2 — гэта не Midjourney

    Вясной 2026 OpenAI паказала GPT Image 2 — новае пакаленне ўбудаванага графічнага движка для ChatGPT. Гэта не яшчэ адзін Midjourney з іншым назвіскам. Пад капотам — іншая архітэктура, і вынікі адпаведныя.

    Як гэта ўладкавана

    Midjourney, Stable Diffusion і большасць іншых генератараў — дыфузійныя мадэлі. Яны «чысцяць» шум, пакуль з яго не вылупіцца карцінка. Адсюль вядомыя праблемы: літары ператвараюцца ў абракадабру, рукі з шасцю пальцамі, аб’екты плывуць пры спробе паправіць адну дэталь.

    GPT Image 2 ідзе іншым шляхам — аўтарэгрэсійная архітэктура. Тэкст і выявы апрацоўваюцца ў адным трансформеры, як словы ў моўнай мадэлі. Алгарытм разумее логіку сцэны, а не проста камбінуе тэкстуры.

    Пасля генерацыі мадэль робіць структурны аналіз карцінкі. Можна прасіць шматлікія кропкавыя праўкі — кампазіцыя не разваліцца. У дыфузіі кожная спроба перамаляваць фрагмент цягне скажэнне ўсяго астатняга.

    Што цяпер можна

    Тэкст на карцінках працуе. Сапраўдны. Доўгія абзацы, дробныя шрыфты, шматмоўныя надпісы. Галаўны боль усёй галіны — вырашаны.

    UI і макеты. Інтэрфейсы з чытабельнымі кнопкамі, формамі, падпісамі. Тое ж з тэхнічнымі дыяграмамі.

    Фотарэалізм без жоўтага фільтра. Старыя версіі GPT Image мелі характэрную цёплую заліўку, якая выдавала ІІ з першага позірку. Цяпер — натуральнае святло, нармальныя адлюстраванні.

    Структурная стабільнасць. Аб’екты трымаюць анатомію паміж генерацыямі. Значыць, можна рабіць серыйныя карцінкі, раскадроўкі, каталогі — без таго, каб кожны кадр жыў сваім жыццём.

    Як паспрабаваць

    Ніяк. Пакуль. Мадэль у скрытым A/B-тэсце ўнутры ChatGPT. Хтосьці з Pro- ці Plus-карыстальнікаў можа атрымаць доступ выпадкова, але ўключыць адмыслова няма як. OpenAI раскочваюць ціха.

  • Anthropic запусціла Claude Design — прататыпы і прэзентацыі на новым узроўні

    Anthropic выкаціла другі прадукт — Claude Design. Гэта новая прылада ад Anthropic Labs для візуальнай працы: дызайн, прататыпы, слайды, ваншытары. Працуе на Opus 4.7, даступны ў research preview для падпісчыкаў Pro, Max, Team і Enterprise. Раскочваюць пакрысе цягам дня.

    Што ўмее

    Апісваеш словамі, што трэба — Claude робіць першую версію. Далей правіш: праз чат, каментары ў канкрэтных месцах, прамое рэдагаванне ці слайдары, якія Claude сам і стварае пад тваю задачу. Калі даць доступ да кодбазы і дызайн-файлаў — падцягне брэнд-сістэму каманды і будзе трымацца яе ва ўсіх праектах.

    Імпарт адусюль: тэкст, карцінкі, DOCX, PPTX, XLSX, кодбаза. Ёсць web capture — хапае элементы прама з твайго сайта, каб прататып быў падобны на рэальны прадукт.

    Экспарт куды захочаш: URL для каманды, тэчка, Canva, PDF, PPTX, асобны HTML. Гатовы дызайн можна адным клікам перадаць у Claude Code на рэалізацыю.

    Каму трэба

    • Дызайнерам — хутка накідаць дзесяць варыянтаў замест трох, рабіць інтэрактыўныя прататыпы без PR-аў
    • PM — wireframe’ы і флоу за 5 хвілін
    • Фаўндэрам і маркетолагам — пітч-дэкі, лэндынгі, соцсеткі без дызайнера
    • Усім астатнім — хто мае ідэю, але не ўмее ў Figma

    Як паспрабаваць

    Патрэбна падпіска Pro ($20/мес), Max, Team ці Enterprise. Бясплатны тарыф пакуль не запрашаюць. Раскочваюць цягам дня — калі не бачыш у інтэрфейсе, пачакай.

  • Claude Opus 4.7: што ў ім новага і каму з гэтага карысць

    16 красавіка Anthropic выкаціла Claude Opus 4.7 — наступніка Opus 4.6. Не рэвалюцыя (гэтае слова мы тут не ўжываем), а акуратны апгрэйд з некалькімі рэчамі, якія адчуеш адразу, калі карыстаешся мадэллю штодня.

    Літэральна слухае

    Галоўная змена ў паводзінах: 4.7 выконвае інструкцыі даслоўна. Раней Claude мог «інтэрпрэтаваць» твой промпт — нешта прапусціць, нешта дадаць ад сябе. Цяпер не. Калі ты напісаў «тры пункты» — будзе тры, не чатыры.

    Пабочны эфект: старыя промпты, заменчаныя пад 4.6, могуць даваць нечаканы вынік. Anthropic прама кажа — перабярыце свае шаблоны. Гэта не баг, гэта цана дакладнасці.

    Зрок у HD

    4.7 бачыць карцінкі ў тры з паловай разы большага памеру — да 2576 пікселяў па доўгім боку (каля 3,75 мегапікселя). На практыцы гэта значыць:

    • скрыншоты інтэрфейсаў чытаюцца без «а што там дробнымі літарамі»
    • складаныя дыяграмы і графікі разбіраюцца цалкам
    • OCR-задачы і праца з дакументамі — без перадаблічвання на фрагменты

    Калі ты калі-небудзь мучыўся з тым, што Claude «не бачыць» дробязяў на скрыне — вось, паправілі.

    Памяць праз файлы

    Мадэль лепш працуе з памяццю на аснове файлавай сістэмы. Перакладаючы з тэхнічнага: у доўгіх шматсесійных праектах 4.7 лепш трымае нататкі і не патрабуе перазагружаць кантэкст кожны раз. Для тых, хто жыве ў Claude Code ці вядзе доўгія агенцкія задачы — адчувальна.

    Кодынг і праца з дакументамі

    Тут галоўныя лічбы прэс-рэлізу. 4.7 робіць лепш складаныя праграмісцкія задачы — тыя, што раней патрабавалі няньчыць мадэль. Плюс ён state-of-the-art на GDPval-AA (гэта тэст на «эканамічна карыснай» працы — фінансы, права, аналітыка). Таксама лепш робіць прэзентацыі і дакументы.

    Для Claude Code дадалі каманду /ultrareview — асобная сесія-рэўю, якая чытае змены і шукае багі. Pro- і Max-юзерам даюць тры бясплатныя спробы. І ўключылі auto mode для Max — Claude сам прымае рашэнні падчас доўгіх задач, без пастаянных «можна я гэта зраблю?».

    Токены — асцярожна

    Тут падводны камень. 4.7 выкарыстоўвае новы такенізатар — той самы тэкст можа разбівацца на 1,0–1,35× больш токенаў, чым раней. Плюс на высокіх узроўнях «намагання» мадэль думае больш, значыць, і піша больш.

    Кошт застаўся тым жа: $5 за мільён уваходных токенаў і $25 за мільён выходных. Але калі ў цябе піплайны на аб’ёмах — правер, колькі гэта будзе каштаваць рэальна, перш чым пераключацца.

    Anthropic увяла новы ўзровень намагання xhigh — паміж high і max. У Claude Code яго паставілі па змаўчанні.

    Што з бяспекай

    Mythos Preview — самая прасунутая мадэль Anthropic — застаецца ў абмежаваным доступе. 4.7 — першая мадэль, на якой тэстуюць новыя засцерагальнікі перад шырокім выпускам Mythos-класа. У прыватнасці — аўтаматычнае выяўленне запытаў на кібербяспекавыя задачы. Для прафесіяналаў галіны ёсць Cyber Verification Program.

    Каму гэта патрэбна прама цяпер

    • Кодэрам — абнавіцца варта, асабліва калі працуеш у Claude Code
    • Тым, хто будуе агентаў — лепшая памяць і vision
    • Фінансістам/аналітыкам — SOTA на профільных тэстах
    • Усім астатнім — апгрэйд адбываецца аўтаматычна ў chat.claude.ai, проста пераправерце свае промпты
  • Memory у Claude — нарэшце зроблена па-чалавечы

    Anthropic уключыў памяць у Claude для ўсіх, нават на бясплатным плане. Цяпер бот памятае вашу ролю, праекты, стыль кода і як з вамі размаўляць. Папярэдняя версія «Claude без кантэксту» — усё, забылі.

    Працуе гэта проста. Claude сам робіць зводку вашых размоваў і абнаўляе яе раз на 24 гадзіны. Кожны новы чат пачынаецца не з нуля, а з пэўным разуменьнем, хто вы і чым займаецеся. У кожнага праекта — свая ўласная памяць, якая не перасякаецца з іншымі. Зручна: рабочы праект не ляціць ў асабісты.

    Чаму гэта важна. Да гэтага моманту ШІ-асыстэнты былі як залётны калега: штораз трэба тлумачыць спачатку, хто ты, што робіш і чаму не хочаш смайлікі ў адказах. Цяпер Claude памятае, што ты пішаш на тарашкевіцы, любіш кароткія сказы і ненавідзіш пафас. Эканомія часу — велізарная.

    Пошук па старых чатах — асобная фіча на платных планах. Кажаш «а што мы абмяркоўвалі пра X тыдзень таму» — і ён падцягвае. Працуе праз RAG, бачна як выклік інструмэнту ў чаце.

    Кантроль поўны. Settings → Capabilities → View and edit memory — і бачыш увесь спіс, што ён пра цябе ведае. Можна выдаліць, паставіць на паўзу або абнуліць цалкам. Ёсьць інкогніта-чаты (іконка прывіда ў куце) — там нічога не захоўваецца. Выдаляеш размову — яе зьмест зьнікае з памяці за суткі.

    Бонус: можна імпартаваць памяць з іншых ШІ-асыстэнтаў і экспартаваць сваю ў бэкап. Пакуль экспэрымэнтальна, але ўжо працуе.

    Кантэкст тут такі. Гонка памяці паміж ChatGPT, Gemini і Claude ідзе ўжо год. OpenAI зрабіў сваю версію яшчэ ў 2024-м, але яна доўга была для платных. Anthropic падышоў інакш: адкрыў для ўсіх адразу, дадаў раздзяленьне па праектах (чаго ў ChatGPT няма) і даў нармальныя інструмэнты кіраваньня. Тэхналягічна — стандартны RAG плюс сумарызацыя, нічога магічнага. Практычна — сур’ёзны апгрэйд штодзённага досьведу. Асабліва калі вы рэдактар, праграміст або той, хто круціць адразу некалькі праектаў і стаміўся паўтараць ШІ адно і тое ж.